[BE - CS - DE - EN - ES - FR - IT - HU - LA - LV - PT - SW - ZH] ПАВЕЛ БІСКУП СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ Дэкрэт ПРА УСХОДНІЯ КАТАЛІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ «ORIENTALIUM ECCLESIARUM» Уступ 1. Каталіцкі Касцёл высока цэніць інстытуты, літургічныя абрады, касцёльныя традыцыі і дысцыпліну хрысціянскага жыцця Усходніх Касцёлаў, бо ў іх, слаўных сваёй старажытнасцю, выяўляецца традыцыя(1), якая паходзіць ад Апосталаў праз айцоў і якая з’яўляецца часткай аб’яўленай Богам i непадзельнай спадчыны ўсяго Касцёла. Таму ў клопаце пра Усходнія Касцёлы, якія з’яўляюцца жывымі сведкамі гэтай традыцыі, Сусветны Святы Сабор, жадаючы, каб яны квітнелі i з новым апостальскім запалам выконвалі даручаныя ім заданні, вырашыў устанавіць некаторыя асноўныя пункты вучэння — акрамя тых, што датычаць усяго Касцёла, пакідаючы астатняе на разгляд усходнім Сінодам i Апостальскай Сталіцы. Мясцовыя Касцёлы, ці абрады 2. Святы і каталіцкі Касцёл, Містычнае цела Хрыста, складаецца з вернікаў, арганічна з’яднаных у Духу Святым адной верай, тымі самымі сакрамэнтамі i тым самым кіраўніцтвам. Яднаючыся ў розныя супольнасці, замацаваныя іерархіяй, яны ўтвараюць мясцовыя Касцёлы, або абрады. Паміж імі існуе цудоўная еднасць, таму гэтая разнастайнасць у Касцёле не толькі не перашкаджае яго еднасці, але наадварот выяўляе яе. Каталіцкі Касцёл жадае, каб традыцыі кожнага мясцовага Касцёла, ці абраду, засталіся цэлымі і непарушнымі. Акрамя гэтага, ён прагне таксама дастасаваць свой спосаб жыцця да зменлівых умоў часу i месца(2). 3. Хоць гэтыя мясцовыя Касцёлы, як Усходнія, так і Заходнія, часткова адрозніваюцца паміж сабою гэтак званымі абрадамі, а менавіта літургіяй, касцёльнай дысцыплінай i духоўнай спадчынай, аднак яны аднолькава падпарадкаваны пастырскай уладзе Рымскага Пантыфіка, які з Божай волі з’яўляецца наступнікам св. Пятра ў першынстве над усім Касцёлам. Таму гэтыя Касцёлы маюць аднолькавую годнасць, i ніводзін з іх паводле абраду не пераўзыходзіць іншыя. Яны таксама маюць аднолькавыя правы i тыя самыя абавязкі, у тым ліку абавязак абвяшчаць Евангелле па ўсім свеце (пар. Мк 16, 15) пад кіраўніцтвам Рымскага Пантыфіка. 4. Таму ва ўсім свеце трэба клапаціцца пра захаванне і развіццё ўсіх мясцовых Касцёлаў, а для гэтага трэба ствараць парафіі i ўласную іерархію там, дзе гэтага патрабуе духоўная карысць вернікаў. Іерархі розных мясцовых Касцёлаў, атрымліваючы юрыдычныя правы на адной і той жа тэрыторыі, павінны, раячыся на перыядычных сходах, клапаціцца пра адзінства дзеяння i супольнымі намаганнямі падтрымліваць агульную справу дзеля больш плённага распаўсюджвання рэлігіі i больш эфектыўнага захавання духавенствам дысцыпліны(3). Усіх духоўных асоб i тых, хто рыхтуецца да святых пасвячэнняў, трэба старанна вучыць абрадам, асабліва практычным нормам, якія рэгулююць міжабрадавыя пытанні. Акрамя гэтага, нават свецкіх трэба належна вучыць падчас катэхізацыі пра абрады i іх нормы. Нарэшце, усе католікі, i кожны з іх па-асобку, а таксама ахрышчаныя ў любым некаталіцкім Касцёле ці супольнасці, якія далучаюцца да поўнай каталіцкай еднасці, павінны ўсюды трымацца свайго абраду, шанаваць яго і паводле магчымасцяў захоўваць(4). Пры гэтым у асаблівых выпадках, якія датычаць асоб, супольнасцяў або тэрыторый, павінна захоўвацца права звяртацца да Апостальскай Сталіцы, якая, як найвышэйшы суддзя ў адносінах паміж Касцёламі, у духу экуменізму паклапоціцца аб задавальненні патрэб сама або праз пасрэдніцтва іншых улад, выдаючы адпаведныя нормы, дэкрэты ці прадпісанні. Захаванне духоўнай спадчыны Усходніх Касцёлаў 5. Гісторыя, традыцыі i шматлікія касцёльныя інстытуты выразна сведчаць пра вялікія заслугі Усходніх Касцёлаў адносна паўсюднага Касцёла(5). Таму Святы Сабор не толькі ўшаноўвае і справядліва ацэньвае іх эклезіяльную і духоўную спадчыну, але таксама моцна перакананы, што яна з’яўляецца спадчынай усяго Хрыстовага Касцёла. З гэтай прычыны ён урачыста сцвярджае, што Касцёлы, як Усходнія, так i Заходнія, маюць права i абавязак кіравацца ўласнымі спецыяльнымі нормамі, бо яны маюць старажытнае паходжанне, а таксама больш адпавядаюць мясцовым звычаям вернікаў i здаюцца больш прыдатнымі ў клопаце пра дабро душ. 6. Няхай усе ўсходнія хрысціяне ведаюць і будуць цвёрда перакананы, што заўсёды могуць і павінны захоўваць свае законныя літургічныя абрады i дысцыплінарныя нормы і не змяняць іх, калі толькі гэта не будзе карысным для іх асабістага арганічнага развіцця. Усё гэта павінна з найбольшай дакладнасцю захоўвацца самімі ўсходнімі хрысціянамі, якія павінны глыбей пазнаваць гэтыя рэчы і больш дасканала іх выкарыстоўваць. Калі з-за акалічнасцяў часу або асоб яны нейкім чынам адыдуць ад гэтага, то няхай імкнуцца вярнуцца да традыцыі продкаў. Тыя, хто з прычыны пасады ці апостальскай паслугі падтрымлівае частыя адносіны з Усходнімі Касцёламі або з іх вернікамі, павінны падрабязна пазнаёміцца з ведамі i практыкай абрадаў, дысцыплінай, дактрынай, гісторыяй і характарам усходняга хрысціянства адпаведна значнасці сваёй пасады(6). Манаскім супольнасцям і таварыствам лацінскага абраду, якія працуюць ва ўсходніх краінах або сярод усходніх вернікаў, дзеля большай плённасці іх апостальскай працы рэкамендуецца ствараць дамы або нават правінцыі ўсходняга абраду, наколькі гэта магчыма(7). Усходнія патрыярхі 7. З даўніх часоў у Касцёле існуе інстытут патрыярхату, прызнаны ўжо першымі Сусветнымі Саборамі(8). Усходні патрыярх — гэта біскуп, які мае ўладу над усімі біскупамі, уключаючы мітрапалітаў, над духавенствам i народам падуладнай яму тэрыторыі або абраду, згодна з нормамі права i з захаваннем першынства Рымскага Пантыфіка(9). Усюды, дзе іерарх якога-небудзь абраду ўстанаўліваецца па-за межамі тэрыторыі патрыярхату, ён залічваецца да членаў іерархіі патрыярхату дадзенага абраду згодна з нормамі права. 8. Патрыярхі Усходніх Касцёлаў, хоць і адрозніваюцца часам устанаўлення сваёй паслугі, з прычыны патрыярхальнай годнасці роўныя паміж сабою. Паміж імі захоўваецца толькі законна ўстаноўленае ганаровае першынство(10). 9. Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла, асаблівая пашана належыць патрыярхам Усходніх Касцёлаў, бо кожны з іх узначальвае свой патрыярхат як айцец і галава. Таму Святы Сабор пастанаўляе, каб іх правы і прывілеі былі адноўлены паводле старажытных традыцый кожнага Касцёла i пастаноў Сусветных Сабораў(11). Гэтыя правы і прывілеі супадаюць з тымі, якія існавалі ў эпоху еднасці Усходу і Захаду, хоць у нейкай ступені іх трэба дастасаваць да сённяшніх умоў. Патрыярхі са сваімі Сінодамі ствараюць найвышэйшую інстанцыю для ўсіх спраў патрыярхату, не выключаючы права ўстанаўліваць новыя епархіі і менаваць біскупаў свайго абраду ў межах тэрыторыі патрыярхату, з захаваннем неад’емнага права Рымскага Пантыфіка вырашаць справы ў асобных выпадках. 10. Сказанае пра патрыярхаў адносіцца таксама, паводле права, да вышэйшых арцыбіскупаў, якія ўзначальваюць увесь мясцовы Касцёл або ўвесь абрад(12). 11. Паколькі інстытут патрыярхату — гэта традыцыйная форма кіравання ва Усходніх Касцёлах, Сусветны Святы Сабор жадае, каб там, дзе гэта неабходна, узнікалі новыя патрыярхаты, ствараць якія можа толькі Сусветны Сабор або Рымскі Пантыфік (13). Дысцыпліна сакрамэнтаў 12. Сусветны Святы Сабор пацвярджае і хваліць старажытную дысцыпліну сакрамэнтаў, якая існавала ва Усходніх Касцёлах, а таксама практыку іх цэлебрацыі i ўдзялення, і жадае, каб там, дзе гэта неабходна, яна была адноўлена. 13. Указанні пра цэлебранта сакрамэнту канфірмацыі, якія з даўніх часоў існавалі на Усходзе, павінны быць цалкам адноўлены. Таму прэзбітэры могуць удзяляць гэты сакрамэнт, выкарыстоўваючы хрызма, асвячанае патрыярхам або біскупам(14). 14. Усе ўсходнія прэзбітэры могуць сапраўдна ўдзяляць гэты сакрамэнт, або разам з хростам, або асобна, усім вернікам розных абрадаў, у тым ліку і лацінскага, захоўваючы дзеля правамоцтва прадпісанні агульнага і мясцовага права(15). Таксама прэзбітэры лацінскага абраду на падставе паўнамоцтваў для здзяйснення гэтага сакрамэнту могуць удзяляць яго таксама вернікам Усходніх Касцёлаў, незалежна ад прыналежнасці да таго ці іншага абраду, захоўваючы дзеля правамоцнасці прадпісанні агульнага і мясцовага права(16). 15. У нядзелю і святы вернікі абавязаны ўдзельнічаць у боскай Літургіі або, згодна з прадпісаннямі ці звычаем уласнага абраду, у цэлебрацыі Божай Хвалы(17). Каб вернікі змаглі без перашкод выканаць гэты абавязак, пастанаўляецца, што адпаведным часам для выканання гэтага наказу з’яўляецца час ад Нешпараў вігіліі аж да канца нядзелі або свята(18). Вернікам настойліва рэкамендуецца прымаць св. Эўхарыстыю ў гэтыя дні, або яшчэ часцей ці нават штодзённа(19). 16. З прычыны пастаяннага сумеснага пражывання вернікаў розных мясцовых Касцёлаў у тым самым рэгіёне або на той самай усходняй тэрыторыі, паўнамоцтвы прэзбітэраў кожнага абраду выслухоўваць споведзь, дадзеныя адпаведным чынам і без абмежаванняў іх іерархамі, пашыраюцца на ўсе тэрыторыі таго, хто даў такія паўнамоцтвы, а таксама на месцы i на вернікаў кожнага абраду на той самай тэрыторыі, калі толькі які-небудзь мясцовы іерарх выразна не адмовіць у гэтым для мясцовасці свайго абраду(20). 17. Каб старажытны парадак сакрамэнту пасвячэння зноў набыў сваё значэнне ва Усходніх Касцёлах, Святы Сабор жадае ўзнавіць сталы дыяканат там, дзе ён ужо выйшаў са звычаю(21). Што датычыць субдыяканату i ніжэйшых пасвячэнняў, а таксама іх правоў і абавязкаў, то пра гэта павінна паклапаціцца заканадаўчая ўлада кожнага мясцовага Касцёла(22). 18. Каб пазбегнуць несапраўднасці сужэнства тады, калі ўсходнія католікі заключаюць сужэнскі саюз з усходнімі ахрышчанымі некатолікамі, і дзеля трываласці i святасці сужэнскага саюзу, а таксама дзеля спакою ў сям’і Святы Сабор пастанаўляе, што кананічная форма заключэння такога сужэнства з’яўляецца абавязковай толькі для яго годнасці. Для сапраўднасці дастаткова прысутнасці святара, пры ўмове, што будуць захаваныя іншыя абавязковыя прававыя нормы(23). Божы культ 19. Супольныя святы для ўсіх Усходніх Касцёлаў у будучыні можа ўстанаўліваць, пераносіць або ліквідаваць толькі Сусветны Сабор ці Апостальская Сталіца. Святы, абавязковыя ў паасобных мясцовых Касцёлах, акрамя Апостальскай Сталіцы маюць права ўстанаўліваць, пераносіць або ліквідаваць таксама Сіноды патрыярхатаў або архідыяцэзій. Аднак пры гэтым трэба лічыцца з усім рэгіёнам і іншымі мясцовымі Касцёламі(24). 20. Пакуль паміж усімі хрысціянамі няма жаданай згоды наконт устанаўлення дня, калі ўсе разам адзначалі б урачыстаць Пасхі, то патрыярхам або вышэйшым мясцовым касцёльным уладам для падтрымання еднасці сярод хрысціянаў, што жывуць у тым самым рэгіёне або ў той самай краіне, рэкамендуецца пасля абмеркавання гэтай справы з усімі зацікаўленымі бакамі дайсці да згоды ў тым, што датычыць святкавання Пасхі ў адзін і той жа нядзельны дзень(25). 21. Асобныя вернікі, што знаходзяцца па-за межамі рэгіёна ці тэрыторыі свайго абраду, адносна прадпісання пра пасты і святы цалкам могуць дастасоўвацца да парадку, які дзейнічае на той ці іншай тэрыторыі, на якой яны цяпер знаходзяцца. У змешаных сем’ях гэты закон можна захоўваць паводле аднаго і таго ж абраду(26). 22. Усходняе духавенства, манахі i манашкі павінны цэлебраваць Божыя Хвалы, якія са старажытных часоў былі ў вялікай пашане ва ўсіх Усходніх Касцёлах(27), паводле ўласных прадпісанняў i традыцыі. Таксама вернікі па прыкладзе продкаў няхай, паводле магчымасцяў, пабожна ўдзельнічаюць у Божых Хвалах. 23. Патрыярх са сваім Сінодам або найвышэйшыя ўлады кожнага Касцёла разам з Радай іерархаў маюць права сачыць за выкарыстаннем розных моў у святых літургічных дзеяннях, а таксама, паведаміўшы Апостальскай Сталіцы, зацвярджаць пераклады тэкстаў на нацыянальную мову(28). Адносіны з братамі адлучаных Касцёлаў 24. Усходнія Касцёлы, якія застаюцца ў лучнасці з Рымскай Апостальскай Сталіцай, маюць асаблівы абавязак падтрымліваць еднасць усіх хрысціянаў, асабліва ўсходніх, згодна з прынцыпамі Дэкрэту «Пра экуменізм» гэтага ж Святога Сабору, найперш праз малітву, прыкладнае жыццё, пабожную вернасць старажытным усходнім традыцыям, глыбейшае ўзаемапазнанне, супрацоўніцтва i братэрскую павагу да ўсяго і ўсіх(29). 25. Ад адлучаных усходніх хрысціянаў, якія пад натхненнем ласкі Духа Святога прыходзяць да каталіцкай еднасці, нельга патрабаваць нічога больш, акрамя звычайнага вызнання каталіцкай веры. A паколькі святарства ў іх засталося сапраўдным, то духоўныя ўсходняга абраду, якія згаджаюцца на каталіцкую еднасць, могуць выконваць сваю святарскую паслугу згодна з нормамі, устаноўленымі кампетэнтнай уладай(30). 26. Сумесны ўдзел у сакральных дзеяннях (communicatio in sacris), які перашкаджае еднасці Касцёла або вядзе да фармальнай прыхільнасці да памылак ці небяспекі адыходу ад веры, зняверання i абыякавасці, забаронены Божым законам(31). Аднак пастырская практыка паказвае, што калі размова ідзе пра ўсходніх братоў, то можна і трэба ўлічваць розныя сітуацыі кожнай асобы, калі еднасць Касцёла не стаіць пад пагрозай і калі няма небяспек, якіх трэба пазбягаць, а таксама калі да гэтага змушае неабходнасць збаўлення і дабро душ. Таму каталіцкі Касцёл адпаведна акалічнасцям часу, месца i асоб часта дзейнічаў і дзейнічае больш памяркоўна, даючы ўсім сродкі збаўлення i сведчанне любові паміж хрысціянамі праз удзел у сакрамэнтах i іншых сакральных рэчах. Дзеля таго, каб «з прычыны суровых прысудаў мы не сталі перашкодай у збаўленні тых, хто збаўляецца»(32), а таксама дзеля большай падтрымкі еднасці з адлучанымі ад нас Усходнімі Касцёламі Святы Сабор устанаўлівае наступны парадак дзеянняў. 27. Згодна з пералічанымі вышэй прынцыпамі ўсходнім хрысціянам, адлучаным ад каталіцкага Касцёла не па іх уласнай злой волі, можна ўдзяляць сакрамэнты пакаяння, Эўхарыстыі i намашчэння хворых, калі яны самі аб гэтым просяць i будуць належна да іх падрыхтаваныя. Больш за тое, католікі таксама могуць прасіць аб гэтых сакрамэнтах некаталіцкіх духоўных, у Касцёлах якіх ёсць гэтыя сапраўдныя сакрамэнты, наколькі гэтага будзе патрабаваць неабходнасць або сапраўдная духоўная карысць і калі доступ да каталіцкага святара будзе фізічна або маральна немагчымым(33). 28. Паводле тых самых прынцыпаў дазваляецца сумесны ўдзел католікаў і ўсходніх адлучаных братоў у сакральных дзеяннях (communicatio in sacris), рэчах і месцах паводле слушнай прычыны(34). 29. Гэты больш памяркоўны парадак сумеснага ўдзелу ў сакральных дзеяннях (communicatio in sacris) з братамі адлучаных Усходніх Касцёлаў даручаецца чуйнаму клопату i кіраўніцтву мясцовых іерархаў, каб пасля супольнай нарады і, калі абставіны патрабуюць, выслухаўшы іерархаў адлучаных Касцёлаў, яны маглі рэгуляваць адносіны паміж хрысціянамі з дапамогай адпаведных i дзейсных прадпісанняў і норм. Заканчэнне 30. Святы Сабор вельмі радуецца плённаму і актыўнаму супрацоўніцтву Усходніх i Заходніх каталіцкіх Касцёлаў, a таксама сцвярджае, што ўсе юрыдычныя нормы ўстанаўліваюцца для сучасных умоў, пакуль каталіцкі Касцёл i Усходнія адлучаныя Касцёлы не дойдуць да поўнай еднасці. Аднак у той жа час усіх усходніх і заходніх хрысціянаў ён настойліва просіць горача і шчыра маліцца, нават штодзённа, да Бога, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Багародзіцы ўсе сталі адно. Няхай моляцца таксама, каб на ўсіх хрысціянаў кожнага Касцёла, якія мужна вызнаюць імя Хрыста, церпяць і зносяць уціск, сышла паўната дапамогі i суцяшэння ад Духа Святога Суцяшыцеля. Усе мы павінны любіць адзін аднаго братняю любоўю, апярэджваць адзін аднаго ў зычлівасці(35). Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы. Рым, у св. Пятра, 21 лістапада 1964г. Я, Павел, Біскуп каталіцкага Касцёла (Ідуць подпісы Айцоў) АБВЯШЧЭННЕ Для Дэкрэта «Пра Усходнія каталіцкія Касцёлы» Найвышэйшы Пантыфік устанавіў тэрмін увядзення ў жыццё — два месяцы. Аднак патрыярхам даецца права па слушнай прычыне зменшыць або прадоўжыць гэты тэрмін. † ПЕРЫКЛЕС ФЕЛІЧЫ Тытулярны Арцыбіскуп Самасаты Генеральны Сакратар Другога Ватыканскага Сусветнага Святога Сабору Дакумент пра Усходнія каталіцкія Касцёлы быў прадстаўлены на другой сесіі. Ён быў сур’ёзна перапрацаваны паміж другой і трэцяй сесіяй згодна з саборнымі распрацоўкамі вучэння пра Касцёл. Абмеркаванне дакумента на трэцяй сесіі Сабору прайшло без асаблівых складанасцяў. Канчатковы дакумент, натхнёны ў значнай ступені эклезіяльнымі прынцыпамі Канстытуцыі пра Касцёл, прызнае і сцвярджае каштоўнасць усходняй традыцыі, яе значэнне ў супольнасці Касцёлаў, асаблівую місію Усходніх каталіцкіх Касцёлаў быць мастом еднасці для праваслаўных Касцёлаў, якія не знаходзяцца ў еднасці з Рымам, аднолькавую годнасць абрадаў. Тэкст падкрэслівае неабходнасць аднавіць прывілеі ўсходніх патрыярхатаў згодна са старажытнымі традыцыямі, узнавіць старажытны парадак супольнага ўдзелу ў сакрамэнтах і ў святых абрадах з усходнімі некатолікамі. Дэкрэт быў абнародаваны 21 лістапада 1964 года. __________________ (1) Пар. LEO XIII, Litt. Ap. Orientalium dignitas, 30 nov. 1894, in Leonis XIII Acta, vol. XIV, pp. 201-202. (2) Пар. S. LEO IX, Litt. In terra pax, an. 1053: «Ut enim». INNOCENTIUS III, Synodus Lateranensis IV, an. 1215, cap. IV: «Licet Graecos»; Litt. Inter quatuor, 2 aug. 1206: «Postulasti postmodum». INNOCENTIUS IV, Ep. Cum de cetero, 27 aug. 1247; Ep. Sub catholicae, 6 mart. 1254, prooem.: Magnum Bullarium Romanum III, pp. 340. NICOLAUS III, Instructio Istud est memoriale, 9 oct. 1278. LEO X, Litt. Ap. Accepimus nuper, 18 maii 1521. PAULUS III, Litt. Ap. Dudum, 23 dec. 1534; PIUS IV, Const. Romanus Pontifex, 16 febr. 1564, § 5. CLEMENS VIII, Const. Magnus Dominus, 23 dec. 1595, § 10. PAULUS V, Const. Solet circumspecta, 10 dec. 1615, § 3. BENEDICTUS XIV, Ep. Enc. Demandatam, 24 dec. 1743, § 3; Ep. Encycl. Allatae sunt, 26 iun. 1755, §§ 3, 6-19, 32. PIUS VI, Litt. Encycl. Catholicae communionis, 24 maii 1787. PIUS IX, Litt. In suprema, 6 ian. 1848, § 3; Litt. Ap. Ecclesiam Christi, 26 nov. 1853; Const. Romani Pontificis, 6 ian. 1862. LEO XIII, Litt. Ap. Praeclara, 20 iun. 1894, n. 7; Litt. Ap. Orientalium dignitas, 30 nov. 1894, prooem.; etc. (3) Пар. PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 4. (4) PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 8: «sine licentia Sedis Apostolicae» (без дазволу Апостальскай Сталіцы), паводле практыкі папярэдніх стагоддзяў. Тое ж, адносна ахрышчаных некатолікаў, змешчана ў кан. 11: «ritum quem maluerint amplecti possunt» (яны могуць выбраць той абрад, які пажадаюць). У дадзеным тэксце непасрэдна прапануецца ўсім і па ўсёй зямлі захоўваць свой абрад. (5) Пар. LEO XIII, Litt. Ap. Orientalium dignitas, 30 nov. 1894; Ep. Ap. Praeclara gratulationis, 20 iun. 1894, а таксама дакументы, названыя ў спасылцы 2. (6) Пар. BENEDICTUS XV, Motu proprio Orientis catholici, 15 oct. 1917; PIUS XI, Litt. Encycl. Rerum orientalium, 8 sept. 1928, etc. (7) Практыка каталіцкага Касцёла ў часы Пія XI, Пія XII, Яна XXIII дае шмат такіх прыкладаў. (8) Пар. SYN. NIC. I, can. 6; CONSTANTINOP. I, can. 2 et 3; CHALCED., can. 28; can. 9; CONSTANTINOP. IV, can. 17; can. 21; LATERAN. IV, can. 5; can. 30; FLORENT., Decr. pro Graecis; etc. (9) Пар. SYN. NIC. I, can. 6; CONSTANTINOP. I, can. 3; CONSTANTINOP. IV, can. 17; PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, can. 216, § 2, 11. (10) In SYN. OECUM.: NIC. I, can. 6; CONSTANTINOP. I, can. 3; CONSTANTINOP. IV, can. 21; LATERAN. IV, can. 5; FLORENT., Decr. pro Graecis, 6 iul. 1439, § 9. Пар. PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 219, etc. (11) Пар. вышэй, спасылка 8. (12) Пар. SYN. EPHES., can. 8. CLEMENS VII, Decet Romanum Pontificem, 23 febr. 1956. PIUS VII, Litt. Ap. In universalis Ecclesiae, 22 febr. 1807; PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun 1957, can. 324-339; SYN. CARTHAGIN., an. 419, can. 17. (13) Пар. SYN. CARTHAGIN., an. 419, can. 17 et 57; CHALCED., an. 451, can. 12; S. INNOCENTIUS I, Litt. Et onus et honor, a. c. 415: «Nam quid sciscitaris»; S. Nicolaus I, Litt. Ad consulta vestra, 13 nov. 866: «A quo autem»; INNOCENTIUS III, Litt. Rex regum, 25 febr. 1204; LEO XII, Const. Ap. Petrus Apostolorum Princeps, 15 aug. 1824; LEO XIII, Litt. Ap. Christi Domini, an. 1895; PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 159. (14) Пар. INNOCENTIUS IV, Ep. Sub catholicae, 6 mart. 1254, § 3, n. 4; SYN. LUGD. II, an. 1274 (professio fidei Michaelis Palaeologi Gregorio X oblata); EUGENIUS IV, in Syn. Florentina, Const. Exsultate Deo, 22 nov. 1439, § 11; CLEMENS VIII, Instr. Sanctissimus, 31 aug. 1595; BENEDICTUS XIV, Const. Etsi pastoralis, 26 maii 1742, § II, n. I, § III, n. 1, etc.; SYN. LAODIC., an. 347-381, can. 48; SYN. SISEN. ARMENORUM, an. 1342; SYN. LIBANEN. MARONITARUM, an. 1736, P. II, Cap. III, n. 2, et aliae Synodi particulares. (15) Пар. S. C. S. OFFICII, Instr. (ad Ep. Scepusien.), an. 1783; S. C. DE PROP. FIDE (pro Coptis), 15 mart. 1790, n. XIII; Decr. 6 oct. 1863, C, a; S. C. PRO ECCL. ORIENT., 1 maii 1948; S. C. S. OFFICII, resp. 22 apr. 1896 Cum litt. 19 maii 1896. (16) CIC, can. 782, § 4; S. C. PRO ECCL. ORIENT., Decr. De Sacramento Confirmationis administrando etiam fidelibus orientalibus a presbyteris latini ritus, qui hoc indulto gaudent pro fidelibus sui ritus, 1 maii 1948. (17) Пар. SYN. LAODICEN., an. 347-381, can. 29; S. NICEPHORUS CP., cap. 14; SYN. DUINEN. ARMENORUM, an. 719, can. 31; S. THEODORUS STUDITA, Sermo 21; S. NICOLAUS I, Litt. Ad consulta vestra, 13 nov. 866: «In quorum Apostolorum»; «Nosse cupitis»; «Quod interrogatis»; «Praeterea consulitis»; «Si die Dominico»; et Synodi particulares. (18) Гэта штосьці новае, прынамсі там, дзе дзейнічае абавязак удзельнічаць у боскай Літургіі; дарэчы, гэта супадае з літургічным днём хрысціянаў усходняга абраду. (19) Пар. CANONES APOSTOLORUM, 8 et 9; SYN. ANTIOCH., an. 341, can. 2; TIMOTHEUS ALEXANDRINUS, interrogat. 3; INNOCENTIUS III, Const. Quia divinae, 4 ian. 1215; et plurimae Synodi particulares Ecclesiarum Orientalium recentiores. (20) Пры захаванні тэрытарыяльнай юрысдыкцыі канон імкнецца дзеля дабра душ забяспечыць больш юрысдыкцыі на адной і той жа тэрыторыі. (21) Пар. SYN. NIC. I, can. 18; SYN. NEOCAESARIEN., an. 314-325, can. 12; SYN. SARDICEN., an. 343, can. 8; S. LEO M., Litt. Omnium quidem, 13 ian. 444; SYN. CHALCED., can. 6; SYN. CONSTANTINOP. IV, can. 23, 26; etc. (22) Субдыяканат лічыцца ў многіх Усходніх Касцёлах ніжэйшай ступенню, аднак Motu proprio Пія XII, Cleri sanctitati, прадпісвае яму абавязкі вышэйшых пасвячэнняў. Канон прапануе вярнуцца да старажытнай дысцыпліны некаторых Касцёлаў адносна абавязкаў субдыяканаў, абмежаваўшы дзеянне агульнага права, змешчанага ў Motu proprio Cleri sanctitati. (23) Пар. PIUS XII, Motu proprio Crebrae allatae, 22 febr. 1949, can. 32, § 2, n. 5 (паўнамоцтвы патрыярхаў даваць дыспенсу ад формы); PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 267 (паўнамоцтвы патрыярхаў здзяйсняць аздараўленне ў корані); S. C. S. OFFICII et S. C. PRO ECCL. ORIENT., an. 1957, дае паўнамоцтвы ўдзяляць дыспенсу ад формы і здзяйсняць аздараўленне ў корані паводле недахопу формы (на пяць гадоў): «extra patriarchatus, Metropolitis, ceterisque Ordinariis locorum... qui nullum habent Superiorem infra Sanctam Sedem» (акрамя патрыярхаў, таксама мітрапалітам і іншым мясцовым ардынарыям... у якіх няма кіраўніка ніжэй Святой Сталіцы). (24) Пар. S. LEO M., Litt. Quod saepissime, 15 apr. 454: «Petitionem autem»; S. NICEPHORUS CP., cap. 13; Syn. Sergii Patriarchae, 18 sept. 1596, can. 17; PIUS VI, Litt. Ap. Assueto paterne, 8 apr. 1775; etc. (25) Пар. SYN. VAT. II, Const. De Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, 4 dec. 1963: AAS 56 (1964), pp. 133 Appendix. (26) Пар. CLEMENS VIII, Instr. Sanctissimus, 31 aug. 1595, § 6: «Si ipsi graeci»; S. C. S. OFFICII, 7 iun. 1673, ad 1 et 3; 13 mart. 1727, ad 1; S. C. DE PROP. FIDE, Decr. 18 aug. 1913, art. 33; Decret. 14 aug. 1914, art. 27; Decr. 27 mart. 1916, art. 14; S. C. PRO ECCL. ORIENT., Decr. 1 mart. 1929, art. 36; Decr. 4 maii 1930, art. 41. (27) Пар. SYN. LAODICEN., 347-381, can. 18; Syn. Mar Issaci Chaldaeorum, an. 410, can. 15; S. NERSES GLAIEN. ARMENORUM, an. 1166; INNOCENTIUS IV, Ep. Sub catholicae, 6 mart. 1254, § 8; BENEDICTUS XIV, Const. Etsi pastoralis, 26 maii 1742, § 7, n. 5; Instr. Eo quamvis tempore, 4 maii 1745, §§ 42ss.; і зусім нядаўнія мясцовыя Сіноды: армянаў (1911), коптаў (1898), маранітаў (1736), румынаў (1872), русінаў (1891), сірыйцаў (1888). (28) З усходняй традыцыі. (29) Са зместу бул пра еднасць усіх каталіцкіх Усходніх Касцёлаў. (30) Наказ Сіноду адносна асобных усходніх братоў і адносна ўсіх пасвячэнняў любой ступені, як боскага, так і касцёльнага права. (31) Гэтае вучэнне надалей трывае ў адлучаных Касцёлах. (32) S. BASILIUS M., Epistula canonica ad Amphilochium, PG 32, 669B. (33) Падставай для гэтага выключэння з’яўляецца: 1) сапраўднасць сакрамэнтаў; 2) добрая вера і падрыхтаванасць; 3) неабходнасць вечнага збаўлення; 4) адсутнасць уласнага святара; 5) адсутнасць небяспек, якіх трэба пазбягаць, а таксама фармальнай прыхільнасці да памылак. (34) Маецца на ўвазе «communicatione in sacris extrasacramentali» (па-за сакрамэнтальны ўдзел у сакральных дзеяннях). Сабор робіць такое выключэнне, з умовай захавання неабходнага. (35) Пар. Рым 12, 10. |